Некалькі гадоў пад кіраўніцтвам педагога Фёдара Бойкі на базе сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча паспяхова працуе гурток па стэндавым мадэлізме, які наведваюць каля шасцідзесяці навучэнцаў. З кожным годам скарбонка дасягненняў юных майстроў папаўняецца дыпломамі, два нядаўнія конкурсы таксама прынеслі новыя перамогі.

– Каля дзясятка прызавых месцаў мы заваявалі на адкрытым абласным конкурсе стэндавых мадэляў “На зямлі, у небе, на моры”, – расказаў Фёдар Феафанавіч. – Ён штогадовы, і кожны раз на працягу трох гадоў (столькі на базе школы функцыянуе гурток) нашы вучні вярталіся не менш чым з дзесяццю дыпломамі. Сёлета дзеці былі вельмі актыўныя: на гуртку выбралі 19 лепшых работ, каб прадставіць іх амаль у кожнай з конкурсных намінацый: “Авіяцыя”, “Бранятэхніка”, “Флот”, “Дыярама”, іншых. Канкурэнцыя склалася сур’ёзная: экспанавалася каля сотні мадэляў маладых удзельнікаў з розных раёнаў Прынёмання і горада Гродна. Тым не менш, дыпломамі першай ступені адзначаны наш навучэнец чацвёртага класа Раман Карпаў за мадэль БМ-13 “Кацюша”, сямікласнікі Мікіта Максімаў за М4А3 танк “Шэрман” і Арцемій Пузач за самалёт Іл-86, дзевяцікласнікі Яўген Радзіеўскі і Віталь Місцюкевіч атрымалі пераможныя дыпломы за калектыўную работу – дыяраму “Вялікая Воля. Трагедыя адной вёскі”.

Дыпломы другой ступені заваявалі навучэнка чацвёртага класа Соф’я Дораш за танк Т-34/85 і сямікласнік Дзмітрый Грыдзюшка за верталёт Мі-8МТ. Дыпломам трэцяй ступені за мадэль самаходкі СУ-100 адзначаны пяцікласнік Станіслаў Баковіч.

Не менш выніковым быў абласны этап рэспубліканскага конкурсу макетаў аб’ектаў Вялікай Айчыннай вайны “Аб’екты Перамогі: гісторыя ў творчасці” да 85-годдзя пачатку вайны. На яго накіроўвалі мультымедыяпрэзентацыю, як стваралася і якой атрымалася работа Віталя Місцюкевіча – пажарная машына ПМЗ-1, якая прымала ўдзел у Вялікай Айчыннай вайне. Заваявалі дыплом трэцяй ступені, а сама мадэль цяпер “едзе” на рэспубліканскі этап, спадзяёмся, ён таксама прынясе ўзнагароду. Віталь Місцюкевіч – актыўны гуртковец, ён удзельнічаў і ў стварэнні дыярам, прысвечаных подзвігу Іосіфа Філідовіча, а таксама спаленай вёсцы Вялікая Воля.

Яшчэ ў ліку зацікаўленых гурткоўцаў Арцём Аўсянік, Іван Каляда, Вадзім Марук, Раман Гуговіч, Яўген Быстрыцкі. Юныя майстры працуюць над дыярамамі і сур’ёзнымі мадэлямі, некаторыя з якіх маюць па пяцьсот і больш дэталяў. Стэндавы мадэлізм – гэта складанейшы працэс, які патрабуе ўседлівасці, старання, ведаў. Кожная з работ – дакладная, толькі зменшаная ў маштабе копія сапраўднай тэхнікі. Выконваецца яна з пластыкавых набораў або паперы. За кожнай – гадзіны карпатлівай і тонкай працы, цярпенне, якому пазайздросціць любы дарослы. Для стварэння мадэляў гурткоўцам даводзіцца выкарыстоўваць чарцяжы, музейныя фотаздымкі, падказваю і я, бо ў свой час служыў у арміі, атрымаў афіцэрскія пагоны ў Тульскім вышэйшым артылерыйскім інжынерным ордэна Леніна вучылішчы, тэхніку гэту ведаю. Мы вывучаем гісторыю кожнага аб’екта, які мадэлюем, яго асаблівасці, каб стварыць якасную работу, якую можна падаваць на конкурс.    

Цяпер рыхтуемся да адкрытай рэгіянальнай выставы-конкурсу стэндавых мадэляў і ваенна-гістарычнай мініяцюры “Ліда-2026”. Ён пройдзе з 12 па 23 мая і будзе не менш сур’ёзным па канкурэнцыі , бо збярэ прадстаўнікоў з усёй рэспублікі.

Источник: https://diatlovonews.by/