У Беларусі падведзены вынікі летняй аздараўленчай кампаніі-2026.
Цырымонія ўзнагароджання прайшла ў дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Зубраня” ў час рэспубліканскага семінара-нарады “Кіраўнічыя і арганізацыйныя аспекты правядзення летняй аздараўленчай кампаніі 2026 года: рэспубліканскі вектар і рэгіянальная практыка”.

Дэлегацыя Гродзенскай вобласці таксама прымала ўдзел у мерапрыемстве. Па выніках летняй аздараўленчай кампаніі ў гэтым годзе прадстаўнікі Прынёмання і ўстановаў адукацыі Гродзеншчыны сталі пераможцамі і прызёрамі некалькіх конкурсаў. Ёсць узнагарода і ў дзятлаўчан.

У конкурсе “Лепшы аздараўленчы летнік” у намінацыі “Новыя мадэлі арганізацыі дзіцячага адпачынку “Зробім лета ярчэйшым” дыплом першай ступені заваявала сярэдняя школа № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча.

Больш падрабязна аб праекце-пераможцы расказалі яго аўтары – педагогі ўстановы Алена Шымко і Мая Якаўчык, якія ў час летняй аздараўленчай кампаніі былі кіраўніком і старшым выхавальнікам школьнага летніка “ІТ-Град”:

– Гэтым летам 40 навучэнцаў ва ўзросце 9-14 гадоў 15 дзён адпачывалі ў кругласутачным летніку “ІТ-Град” на базе нашай школы. Каб змена для іх прайшла ярка, запамінальна і з карысцю, мы заклікалі хлопчыкаў і дзяўчынак далучыцца да праекта “ІНЖЫНЕРіУМ: будуем будучыню Беларусі разам”. Так, летнік ператварыўся не проста ў месца адпачынку, а стаў асаблівым адукацыйным асяроддзем, дзе аздараўленне, творчасць, прафарыентацыя і выхаванне злучыліся ў адзіную гульнявую мадэль. На яе стварэнне нас, педагогаў, натхніў прыклад кітайска-беларускага індустрыяльнага парка “Вялікі камень”, на прыкладзе якога і стварылі свой гульнявы праект, за які атрымалі на сустрэчы ў дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Зубраня” дыплом І ступені і сімвалічную статуэтку крыштальнага зубра.

Кожны дзень адпачынку ў “ІТ-Градзе” быў напоўнены як карыснай прафарыентацыйнай дзейнасцю, так і яркімі, цікавымі падзеямі. Раніцай нашы два атрады “Электроншчыкі” і “Механікі” атрымлівалі тэхнічнае заданне ад мадэратара змены – Робат-майстра. У канструктарскім бюро і на 3D-прынтары да канца адпачынку яны павінны былі стварыць зменшаную інтэрактыўную мадэль-карту “Вялікага камня”, каб на прыкладзе маленькага макета паказаць, як у высокатэхналагічным кластары наладжана лагістыка, працуюць інжынерная, вытворчая, лічбавая, іншыя службы. Такім чынам мы пастараліся зацікавіць дзяцей адпаведнымі спецыяльнасцямі, бо ў школе функцыянуе інжынерна-тэхнічны цэнтр, профільныя класы, актыўна развіваецца навукова-даследчая дзейнасць.


Источник: https://diatlovonews.by