Дзесяцікласнікі сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча сталі ўдзельнікамі квэст-лабараторыі “Гадзіна здароўя і права”, якая праводзілася ў рамках Міждзяржаўнай акцыі “Тыдзень здароўя і праў чалавека ў Садружнасці Незалежных Дзяржаў”. Разам з класным кіраўніком Святланай Урбан яны правялі прававое даследаванне, у рамках якога вывучалі сітуацыі, калі здароўе чалавека аказваецца пад пагрозай, а закон можа і павінен абараніць; дзе заканчваюцца “жарты” і “націск равеснікаў” і пачынаюцца правапарушэнні.

Разабрацца, што ў гэтых выпадках кажа закон, ім дапамагалі госці ўрока – намеснік пракурора Дзятлаўскага раёна Сяргей Аляшкевіч, галоўны спецыяліст аддзела адукацыі райвыканкама Алена Гарановіч, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча Марыя Шавель.

Што ж цікавіла хлопцаў і дзяўчат? Яны пыталі ў гасцей, ці нясе адказнасць 16-гадовы падлетак за курэнне на прыпынку? Ці могуць адлічыць з установы адукацыі за распіццё алкагольных напояў, ужыванне наркотыкаў? З якога ўзросту надыходзіць крымінальная адказнасць за распаўсюджанне наркотыкаў? Ці могуць прыцягнуць да адказнасці за бойку, калі абараняўся?

– Памятайце, ваша здароўе ахоўваецца законам, а закон – на вашым боку; вы маеце права сказаць “не”; ваша нераўнадушша выратоўвае жыццё. Ваша права на здароўе абаронена дзяржавай, але ваш выбар – захаваць яго ці страціць у зале суда або бальнічнай палаце. Прававая граматнасць – гэта ваш шчыт. Калі неабходная дапамога, звяртайцеся да чат-бота “ПравоЗнание”, дзе знойдзеце адказы, памяткі, кантакты арганізацый, гатовых прыйсці на падтрымку, – падвяла вынікі Святлана Урбан.

Источник:https://diatlovonews.by/zdaro-e-aho-vaecca-zakonam/