У музеі “Дадатковая адукацыя, дзіцячыя і моладзевыя грамадскія аб’яднанні Дзятлаўшчыны ў датах, падзеях, асобах” раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі 13 сакавіка да Дня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь адбылася ўрачыстасць па прыёме ў рады раённых грамадскіх аб’яднанняў “Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя”, “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”, “Белая Русь”.

Падтрымаць тых, хто становіцца на новую прыступку ў жыцці, прыйшлі начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Марына Лашкоўская, галоўны спецыяліст аддзела Алена Гарановіч, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Марына Абрамчык.

Вітаючы прысутных, старшыня раённага савета ГА “БРПА” Ірына Мішчанка і першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык зазначылі, што Канстытуцыя не проста асноўны закон дзяржавы. Яна – грамадскі дагавор паміж пакаленнямі і падмурак, на якім за кошт іх намаганняў узрастае наш агульны дом – суверэнная і незалежная Беларусь. Прыём у рады грамадскіх аб’яднанняў праходзіць у музеі моладзевага руху нездарма. Тут захоўваецца гісторыя аб земляках, якія з’яўляюцца прыкладам для тых, хто прыходзіць ім на змену. Канстытуцыя нашай краіны замацоўвае пераемнасць пакаленняў як аснову развіцця грамадства, а гэта ўрачыстасць адлюстроўвае, як перадаецца падобная сувязь: ад акцябрацкай зорачкі да членства ў вядучым грамадскім аб’яднанні краіны “Белая Русь”. Усё гэта – жывая нітка, што злучае дзяцінства і маладосць, вопыт і мудрасць, а напярэдадні Дня Канстытуцыі падобная сувязь набывае асаблівы сэнс.

Яркімі, хвалюючымі, запамінальнымі сталі цырымоніі прынясення ўрачыстых клятваў, павязвання гальштукаў, уручэння значкоў, пасведчанняў, памятных падарункаў.

Новых членаў дзіцячых грамадскіх аб’яднанняў Дзятлаўшчыны з заступленнем на адказны этап грамадскага жыцця павіншавала Марына Лашкоўская, пажадала невычэрпнай энергіі, крэатыўных ідэй, добрых спраў на карысць роднага раёна і краіны, поспехаў і перамог. 

Чатыры пакаленні сабрала ўрачыстасць да Дня Канстытуцыі ў Дзятлаве. Яны прыступкі адной вялікай лесвіцы, па якой узнімаецца Беларусь: акцябраты, якія робяць першыя крокі, піянеры, якія нясуць традыцыі, маладыя актывісты ГА “БРСМ”, поўныя энергіі і ідэй, і грамадзяне, члены “Белай Русі”, для якіх служэнне Радзіме стала справай жыцця, а ўсе яны – адзіны беларускі народ. 

Источник: https://diatlovonews.by/chatyry-pakalenni-yakiya-zluchyla-ljubo-da-radzimy/