У Палацы творчасці дзяцей і моладзі адбылося ўшанаванне таленавітых школьнікаў і студэнтаў Прынёмання – лаўрэатаў стыпендыі Гродзенскага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання “Беларускі фонд міру”.

Стыпендыятамі ад Дзятлаўшчыны сталі навучэнцы сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава Ксенія Калодзіч і гімназіі № 1 Гардзей Самахвал.

На мерапрыемстве яны пабывалі разам з намеснікам старшыні Дзятлаўскага райвыканкама, старшынёй раённай арганізацыі ГА “Беларускі фонд міру” Вольгай Жэлезоўскай і метадыстам Дзятлаўскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета Людмілай Канавалік.

Нашы маладыя землякі падзяліліся ўражаннямі ад урачыстасці.

Ксенія Калодзіч:

– Я ўдзельніца, прызёр, пераможца раённага і абласнога этапаў прадметных алімпіядаў, тройчы выпускніца Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка, думаю, менавіта за старанную вучобу і актыўнасць атрымала стыпендыю фонду. Была прыемна ўражана абласной цырымоніяй, асабліва кранулі цёплыя словы Галіны Курганскай – “ты малайчына, ў цябе ўсё атрымаецца, так трымаць”, якія яна сказала, уручаючы мне ўзнагароды. Бонусам для маладых удзельнікаў сустрэчы стала новая мастацкая кінастужка “Брэменскія музыкі”. Як адзначыў Іван Калбаска, для нас выбіралі самае папулярнае і рэйтынгавае. Мне спадабалася, бо люблю і аднайменны савецкі мультфільм. Вядома ж, парадавалі і натхнілі на далейшыя поспехі словы выступаючых аб тым, што мы – гонар сваіх школ, раёнаў, Гродзеншчыны, прыклад для малодшых дзяцей і што дарогі для нас адкрыты. Узнікла жаданне яшчэ лепш вучыцца, працаваць над сабой. У мяне важны перыяд жыцця: рыхтуюся да цэнтралізаваных экзаменаў, выпускнога балю, паступлення, стараюся ўдзельнічаць у важных справах школы. Іншым навучэнцам таксама жадаю быць працавітымі, бо пад ляжачы камень вада не цячэ, а на шляху да пастаўленых мэтаў няхай заўжды дапамагаюць зацікаўленасць і матывацыя.