У актавай зале аддзела ўнутраных спраў райвыканкама прайшло сумеснае прафілактычнае мерапрыемства аддзела па справах непаўналетніх АУС райвыканкама і папраўчай калоніі-пасялення № 26 для навучэнцаў 9-11 класаў школ горада Дзятлава.

На гутарку з імі былі запрошанны асобы, якія адбываюць пакаранне ў калоніі па артыкуле 328 – “Незаконны абарот наркатычных сродкаў”.

– Мэтай мерапрыемства было наладзіць дыялог паміж людзьмі, якія адбываюць пакаранне, і падлеткамі з мэтай прафілактыкі здзяйснення падобных правапарушэнняў з боку непаўналетніх, – расказаў начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх АУС райвыканкама Віктар Петрукевіч. – Гісторыя з першых вуснаў гучыць і кранае зусім па-іншаму, так больш шанцаў дастукацца да свядомасці падлеткаў і, спадзяёмся, у будучым папярэдзіць падобныя дзеянні. Ці то ўжыванне, ці то распаўсюджанне наркатычных рэчываў – 100 % такіх гісторый маюць самы непрыгожы фінал. І мы робім усё магчымае, каб максімальна  празрыста і кранальна данесці гэта да моладзі.

Максім, Павел і Ягор – звычайныя на першы погляд маладыя людзі са сваім нетрывіяльным поглядам на жыццё, памяркоўнай размовай, мэтамі і планамі. Аднак усе яны адклаліся на гады, калі кожны з іх сеў на лаву падсудных па абвінавачанні ва ўжыванні або распаўсюджванні наркатычных сродкаў, атрымаў турэмны тэрмін памерам у палову жыцця і больш.

Суразмоўцы не толькі расказалі свае асабістыя гісторыі жыцця, але і назвалі фактары, якія могуць паўплываць на самы неабачлівы крок у жыцці. Кожны з іх, акрамя многіх страчаных гадоў жыцця, за гэты час згубіў нешта важнае – бацькоў, каханую дзяўчыну або жонку, сяброў, якія аказаліся зусім і не сябрамі, планы на жыццё і рэалізацыю мараў, нарэшце, саміх сябе.

Школьнікі былі ўражаны пачутым, актыўна ўключыліся ў дыялог, задавалі шмат пытанняў выступоўцам. Хочацца думаць, што такія сустрэчы насамрэч засцерагуць іх ад памылкі ў ключавы момант жыцця.

Шорт-ліст цытат небанальнай размовы:

“Мы набылі вопыт і многае зразумелі, але заплацілі за гэта дзясяткамі гадоў жыцця”;

“Наркотыкі вабяць тых, каму “сумна” жыць. Хто мае мэту жыцця і імкнецца да яе – тым яны не патрэбныя”;

“Самае важнае, што вас абароніць, – асабістае меркаванне. Калі сумняваецеся, кажыце “не” нават “аўтарытэтным” сябрам. У крытычнай сітуацыі яны першыя пакінуць вас сам-насам з бядой”;

“Турэмны тэрмін уратаваў нам жыццё. Тыя, каго не спыніў закон, скончылі свой шлях на могілках”;

“Несумленна падманваць іншых, а тыя, хто ўжываюць наркотыкі, падманваюць сябе. У мяне няма залежнасці, заўтра я кіну, усё пад кантролем… А затым становіцца ўжо позна”;

“Нам складана ў месцах пазбаўлення волі. Але гэта нішто ў параўнанні з тым, як пакутуюць бацькі і блізкія асуджаных. Ніколі не забывайце пра гэта”;

“Няма ніводнага “закладчыка”, які б змог на гэтым добра зарабіць. Сядуць усе, прычым хутка. Такія людзі – расходны матэрыял, які заўтра з лёгкасцю заменяць на іншы”.

Наталля АВЯРЧУК

Источник: https://diatlovonews.by/